ВЯРХО́ВАЕ БАЛО́ТА,алігатрофнае балота, тып балота, якое жывіцца толькі атм. ападкамі; беднае мінер. рэчывамі. Утвараецца ва ўмовах застою паверхневых вод на плоскіх паніжэннях водападзелаў; не мае сувязі з падземнымі водамі. На вярховым балоце намнажаецца торф магутнасцю 2—10 м, ступень распаду якога каля 50%. Паверхня балота пукатая да цэнтра, дзе найб. інтэнсіўна растуць асн. торфаўтваральнікі — сфагнавыя мхі. Відавы склад вышэйшых раслін бедны (балотныя формы хвоі і лістоўніцы, карлікавая бяроза, багун, балотны мірт, верас, буякі, журавіны, падвей похвенны, расіца круглалістая, марошка і інш.). На Беларусі вярховыя балоты найб. пашыраны ў Віцебскай і на Пн Мінскай абласцей (гл. таксама Балота).

т. 4, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)